Выяўленне тыповых этыкетных сітуацый
Адзначаецца, што выкарыстанне этыкетных выразаў на нацыянальнай мове сведчыць пра высокую культуру асобы, дапамагае ветліва і граматна мець зносіны, прэзентаваць сябе як уважлівага і дасведчанага суразмоўцу, а таксама дазваляе быць адметным.

Прадстаўлены на сэрвісе Youtube

Маўленчы этыкет

Істотна заўважыць, што ў ХХІ ст. беларуская мова актыўна выкарыстоўваецца не ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у тым ліку не вельмі часта ў паўсядзённым жыцці. Тым не менш у краіне надзяляецца вялікая ўвага захаванню і распаўсюджанню нашых культурных каштоўнасцей, у тым ліку і мовы. Маўленчы этыкет – адна з такіх каштоўнасцей нацыянальнай мовы, засваенне якой сведчыць пра высокую культуру, дапамагае ветліва і граматна мець зносіны, прэзентаваць сябе як уважлівага і дасведчанага суразмоўцу. Айчынныя тэлепраграмы, прадстаўленыя ў Youtube-прасторы, з гэтых пазіцый можна разглядаць як узорныя. Праграмы медыясферы дзякуючы сваёй даступнасці (прадстаўлены на папулярным сэрвісе Youtube) і публічнасці (арыентаваныя на шырокія колы гледачоў) могуць уплываць на маўленчыя паводзіны адрасата – асобы, якая глядзіць адпаведнае відэа.

Размаўляем па-беларуску

Для аналізу намі выкарыстоўваліся наступныя праграмы мовазнаўчай скіраванасці: “Дыяблог пра мову”, “Сваімі словамі”, “Размаўляем па-беларуску”, а таксама праграмы трэвел-журналістыкі (падарожжы, экспедыцыі, прысвечаныя апісанню нацыянальнай культуры, гісторыі, фальклору): “Падарожжа з Жыгамонтам”, “Наперад у мінулае”. На матэрыяле 24 відэа адзначаных перадач мы выявілі тыповыя этыкетныя сітуацыі і адпаведныя ім найбольш ужывальныя маўленчыя сродкі нацыянальнага этыкету. Так, вядучыя пераважна выкарыстоўваюць словы і канструкцыі маўленчага этыкету ў наступных сітуацыях: вітанне, у тым ліку вітанне разам са зваротам да гледачоў або суразмоўцаў, развітанне. Такім чынам, гэтыя этыкетныя сітуацыі, прадстаўленыя ў тэлеперадачах, з’яўляюцца асноўнымі і ў паўсядзённым жыцці, дапамагаюць выбудоўваць ветлівыя адносіны паміж удзельнікамі камунікацыі

Сваімі словамі

Так, для праграм уласцівыя наступныя сродкі для прывітання: “вітаю вас”,“рада вітаць вас”, “рады бачыць вас”, “добры дзень” (“Дыяблог пра мову”), “вітаю вас”, “дзень добры”, “добры дзень”, “шчыра вітаю”, “прывітанне вам” (“Сваімі словамі”), “прывітанне” (“Размаўляем па-беларуску”), “дзень добры”, “добрага дня” (“Падарожжа з Жыгамонтам”), “вітаю вас” (“Наперад у мінулае”). Такім чынам, праграмы у якасці прывітальных слоў выкарыстоўваюць тыповыя сродкі нацыянальнага маўленчага этыкету

Дыяблог пра мову

Прыклады звароту да асобы, якія выкарыстоўваюцца вядучымі: “шаноўныя гледачы”, “паважаныя гледачы”, ”дарагія сябры”, зварот на вы – “запрашаю Вас да размовы” (“Дыяблог пра мову”), “шаноўныя гульцы”, “гледачы”, “даражэнькія тэлегледачы”, зварот на вы – “скажыце, калi ласка”, зварот па імені – “слова вам, шаноўны (імя)” (“Сваімі словамі”), “паважаныя гледачы”, “шаноўныя гульцы”, зварот на вы – “Вам слова” (“Размаўляем па-беларуску”), таксама зварот на вы выкарыстоўваецца ў перадачы “Наперад у мінулае”: “вітаю Вас”, “давайце зробім перапынак”. У праграме “Падарожжа з Жыгамонтам” вядучы ўжывае наступныя звароты да аўдыторыі: “шаноўнае паньства” (у тым ліку ў форме давальнага склону - “шаноўнаму паньству дзень добры”), “панове”, “яснавяльможнае паньства”, “пані”, “паважанае паньства”, “шаноўныя”.

Цікава адзначыць

Такім чынам, універсальным агульным зваротам да асобы, які выкарыстоўваецца ў праграмах, з’яўляюцца прыметнікі шаноўныя, паважаныя. Цікава адзначыць, што ў большасці выпадкаў Юрый Жыгамонт звяртаецца да аўдыторыі рэдкім на сёння зваротам паньства, што можа быць абумоўлена тэматыкай перадачы (гістарычнае апісанне месца падарожжа) або моўнымі схільнасцямі асобы, паколькі ў адным з інтэрв’ю ён сказаў, што так звяртаецца да гледачоў, паколькі жадае, каб кожны беларус на сваёй зямлі быў панам.Такім чынам, па звароце да суразмоўцы (наяўнага або віртуальнага) можна класіфікаваць відэаперадачы, а нацыянальны маўленчы этыкет у гэтай сітуацыі можа служыць маркерам, які характарызуе і вылучае перадачу

Істотна памятаць

У якасці развітанняў часцей за ўсё выкарыстоўвацца наступныя выразы: “усяго вам найлепшага і да сустрэчы” (“Дыяблог пра мову”), “да сустрэчы”, “да наступнай сустрэчы” (“Сваімі словамі”), “чакайце сустрэчы” (“Размаўляем па-беларуску”), “а я вас чакаю”, “сустракаемся праз тыдзень” (“Наперад у мінулае”), “да пабачэння” (“Падарожжа з Жыгамонтам”). Часта пры развітанні ўжываюцца пажаданні, ў тым ліку са зваротам да асобы: “жадаю вам не згубіцца у клопатах, няхай у вас усё атрымліваецца” (“Дыяблог пра мову”), “поспехаў, шаноўнае паньства”, “час развітвацца, поспехаў, да новых сустрэч”, “поспехаў вам, усяго самага найлепшага, да пабачэння”, “поспехаў вам, да сустрэчы”, “не сумуйце, усё будзе добра, да пабачэння” (“Падарожжа з Жыгамонтам”). Як можна заўважыць, у плане развітанняў перадачы аб’ядноўвае ідэя наступнай сустрэчы з гледачамі.
Такім чынам, маўленчы этыкет айчынных тэлепраграм у многім залежыць ад іх стылю і асабістага іміджу вядучых. Істотна памятаць, што маўленчы этыкет выступае важнай часткай нацыянальнай культуры і яму варта вучыцца і выкарыстоўваць у паўсядзённых зносінах. Гэта дазволіць асобе быць не толькі ветлівай, але і адметнай у плане выкарыстання канструкцый маўленчага этыкету.


У артыкуле апісваюцца тыповыя этыкетныя сітуацыі і пералічваюцца найбольш характэрныя выразы нацыянальнага маўленчага этыкету, на матэрыяле перадач, размешчаных на сэрвісе Youtube.
- Сямёнаў М.А. & Стась І. А