Мова – не толькі каштоўнасць, але і сродак камунікацыі.
Краіна пачынаецца з мовы.

Чаму ж так мала беларускамоўнай рэкламы ў параўнанні з рускай?

Двухмоўе

Моўную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь можна ахарактарызваць як білігвальную. Сутнасць гэтага вызначэння заключана ў тэрміне білінгвізм, які з лацінскай мовы перакладаецца як два (bi) і мова (lingua), гэта значыць двухмоўе . Двухмоўе ўзнікае тады, калі ў краіне папераменна карыстаюцца дзвюма мовамі. У гэтым выпадку адна мова звычайна лічыцца роднай, другая – з’яўляецца набытай. Калі ж выкарыстоўваецца больш за дзве мовы, гавораць пра шматмоўе, або полінгівізм

Беларуская мова ў сучасным соцыуме

У ХХІ ст. беларуская мова ўвайшла з цэлым комплексам праблем, якія звязаны з яе роляй у жыцці сучаснага беларускага грамадства, месцам у камунікатыўнай і культурнай прасторы, а таксама з асаблівасцямі развіцця і ўдасканалення яе сістэмы. Беларуская мова ў сучасным соцыуме па-ранейшаму застаецца толькі адным з кампанентаў моўнай сітуацыі і выконвае свае функцыі, канкурыруючы з другой, больш моцнай у камунікатыўных адносінах мовай - рускай. На тэрыторыі нашай краіны няма такога рэгіёна, такога соцыуму, дзе беларуская мова выступала б адзіным сродкам зносін.

Мова – сродак камунікацыі

Мова – не толькі каштоўнасць, але і сродак камунікацыі. На ёй трэба размаўляць, а не толькі паважаць і захоўваць некранутай спадчынай. І, вядома, каштоўна, што беларускамоўная рэклама нагадвае нам, што ў нас ёсць свае карані, - гэта важна для любой нацыі. Краіна пачынаецца з мовы

PR-прасоўвання

Для Беларусі ХХІ ст. уласціва хваля беларускамоўнага PR-прасоўвання: дзясяткі міжнародных і беларускіх рэгіянальных кампаній лічаць беларускую мову эфектыўным інструментам камунікацыі і выбудоўваюць на ім сваю стратэгію развіцця. У прыватнасці, гэта кампаніі Renault, Galina Blanсa, Pepsi, Adidas, Samsung, Indesit, Panasonic, Аліварыя, Банк “Дабрабыт”, сетка заправак А-100 і інш. Прымяняюць беларускамоўную рэкламу ў метрапалітэне, рэкламных камерцыйных і сацыяльных відэароліках, таксама перад паказам у кінатэатрах, на білбордах.

Прыхільнасць да брэнду

У 2003 кампанія Samsung ужо выкарыстоўвала беларускую мову ў рэкламе. Гэта дапамагала прасоўваць канкрэтныя прадукты і фарміравала прыхільнасць да брэнду. Беларуская мова, паводле ацэнак кампаніі ў той час, асацыявалася з паняццем «элітарны». Адпаведна, рэклама стварала імідж элітарных высокатэхналагічных тавараў. Брэнд вылучаўся, станавіўся прыкметным на рынку, адбывалася адбудова ад канкурэнтаў.

Памылкі ў беларускамоўнай рэкламе

На жаль, ёсць памылкі ў беларускамоўнай рэкламе, што можа адмоўна паўплываць як на тавар, так і на агульны імідж краіны, дзе прадукцыя на нацыянальнай мове прадстаўлена неахайна. Напрыклад квас Хатні: «Размауляй на зразумелай мове! У самой справе, свае нiколi не пераблытаеш…» (арыгінальны правапіс захаваны). Выраз “у самой справе” з’яўляецца паслоўным перакладам з рускай мовы. Па нормах беларускай мовы трэба “на самай справе”, таксама не хапае ўнескладовага ў слове-закліку размаўляй. Дазволім выказаць здагадку, што ўжыванне адметнай формы размаўляйма павысіла б нацыянальны каларыт рэкламнага паведамлення.

Гэта першае і самае важнае

І галоўнае пытанне: чаму ж так мала беларускамоўнай рэкламы ў параўнанні з рускай? Мала, таму што вытворцы асцерагаюцца, што іх не зразумеюць спажыўцы, што ім не ўдасца выказаць сваю думку так, як яны планавалі, так, як хацелася на рускай мове, мяркуючы, што пераважная большасць людзей - рускамоўныя. Гэта першае і самае важнае. Вядома ж, гэты стэрэатып звязаны з адсутнасцю ў вытворцы аб'ектыўных даных, маркетынгавых даследаванняў, даных сацыялагічных апытанняў, і яны абапіраюцца, як следства, на сваё ўласнае суб'ектыўнае меркаванне.

Беларуская мова - гэта вельмі каштоўны матэрыял у сферы рэкламы

Зрэшты, вынікі даследаванняў кампаніі паказалі, што публіка хоць і звяртае ўвагу на беларускамоўную рэкламу, на ўспрыманне прадукту мова не ўплывае. Кампанія, якая прасоўвае сябе на беларускай мове, успрымаецца як свая, родная. Яна больш актыўна прыцягвае ўвагу да сябе і сваёй прадукцыі, а значыць, ёй патрабуецца менш рэсурсаў укладаць у маркетынг. Выкарыстанне беларускай мовы ў прасоўванні замежных кампаній спрыяе прыцягненню замежных інвестыцый, ускосна пацвярджае прыхільнасць інвестара сацыяльнай адказнасці бізнесу. Такім чынам, беларускамоўнасць мусіць надаваць рэкламе яшчэ болей плюсаў і адметнасці, што зусім не адмяняе важнасці якасці працы і актуальных трэндаў у прадстаўленні нацыянальнага. Беларуская мова - гэта вельмі каштоўны матэрыял у сферы рэкламы, які варта выкарыстоўваць.

Істотна заўважыць, што ва ўмовах руска-беларускага білінгвізму набыццё культуры маўлення становіцца прыярытэтным напрамкам у падрыхтоўцы спецыялістаў, якія набываюць вышэйшую адукацыю. А прадукт, граматна прадстаўлены рэкламай на нацыянальнай мове, выклікае станоўчыя адносіны да яго.

Прадукт, граматна прадстаўлены рэкламай на нацыянальнай мове, выклікае станоўчыя адносіны да яго.
- Iльюшчанка В. А